«СА́ГА АБ Э́ЙМУНДЗЕ», «Пасма аб Эймундзе Хрынгсане»,
ісландская сага канца 13 ст., у якой найбольш звестак пра Стараж. Русь, у т. л. пра землі сучаснай Беларусі. Паведамляе пра княжацкую барацьбу пасля смерці вял. кн. Уладзіміра Святаславіча (1015) з удзелам наўгародскага кн. Яраслава Мудрага, тураўскага кн. Святаполка Акаяннага, полацкага кн. Брачыслава Ізяславіча і варажскіх конунгаў з дружынамі. Змяшчае шмат звестак, якія адсутнічаюць у стараж.-рус. летапісах або супярэчаць ім (напр., сведчыць, што кн. Барыс быў забіты Яраславам, а не Святаполкам; вараг Эймунд княжыў у Полацку, і інш.). У гістарыяграфіі існуюць супярэчлівыя погляды на верагоднасць звестак сагі.
Літ.:
Филист Г.М. История «преступлений» Святополка Окаянного. Мн., 1990;
Джаксон Т.Н. Исландские королевские саги о Восточной Европе (первая треть XI в.): Тексты. Перевод. Коммент. М., 1994.
т. 14, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)